Я раздражнёны і злы. Бываюць такія хвіліны. Ля буфета ў зале транзітных пасажыраў – чарга. Доўгі шэраг людзей уздоўж прылаўка аж да самых дзвярэй. Хацелася б выпіць кавы. I што-колечы з’есці. Толькі прыйдзецца доўга стаяць. Але куды мне спяшацца! – Хто апошні? – Я. Кароткі, нібы бляск, позірк. Прыгожанькі юны тварык пад бронзавым стажком валасоў. Імгненна ўспыхвае і згасае цікаўнасць у шырокіх вачах. Вядома, чым тут цікавіцца? Худы, з залысінамі на лбе дзядзька. Да таго ж – кульгавы... Але, чорт вазьмі, я хацеў бы нечым ёй спадабацца. Ну, хоць трошачкі. Толькі навошта? Ды я і разумею, што гэта немагчыма. I дзіўлюся з свайго жадання. Не, мусіць, трэба забыцца. Маё адышло. Адгрымела. Побач, выглядваючы кагосьці ў чарзе, ходзяць дваццацігадовыя хлопчыкі. Нічога не скажаш – ладныя, прыгожыя хлопчыкі. Спартыўная пастава. Свежыя каўнерыкі адпрасаваных белых кашуль. Якія дурні некалі наламалі столькі дроў з-за вузкіх штаноў! Гэта ж прыгожа. А для моладзі, мусіць, гэта галоўнае. Прынамсі, у дваццаць год. У нас, праўда, усё было інакш. Мы насілі няўклюдныя шаравары хабэ. I кірзачы. Яны не спрыялі каханню. Праўда, і не ў стане былі яго супыніць. Памятаю, калі мы з ёй дзе садзіліся побач, ногі ў нас былі аднолькавыя, не адрозніць. Хіба што яе боты – меншыя памерам. I такія ж аднолькавыя шынялькі. Жорсткія, цяжкія ў макрэдзь ды цяпло і сцюдзёныя ў сцюжу. I тварык яе быў зусім мала дагледжаны. Аднойчы мы ляжалі пад абстрэлам у разоры, і выбухам яе ўсю заляпіла гразёй. Трапіла ў твар і ў вочы. Яна абмывалася слязьмі і нічога не бачыла. I трэба было бегчы. Тады я ўхапіў яе за руку. Байцы ў ланцугу дзівіліся: чаго яны бягуць, пабраўшыся за рукі? Нібы на гулянцы. Тая пагулянка пад міннымі выбухамі зрабіла сваю справу. Да і без таго немалых турбот прыбавілася новая. Я пільнаваў яе, дзе толькі мог. Пры кожным выпадку мерыўся збегаць у батальённы тыл. Меў некалькі непрыемнасцей з ротным. Я збіраўся ёй нешта сказаць. Самае важнае і самае першае маё слова. Толькі я прыпазніўся. Кастлявая мяне апярэдзіла. У вялікім прыдняпроўскім сяле над Паплавамі застаўся жвіровы курганок, які адабраў яе ў жывых. Усё астатняе, што здаралася ў мяне потым, было не тое і не такое. Ды і сам я стаў не такі. Аднак чарга чамусь разыходзіцца. Скончыліся піражкі. Міла хмыкнуўшы, пайшло і маё дзяўчо. Васiль Быкаў. Мертвым не балiць.

Теги других блогов: любовь война рассказ